Андрэй Касьціцын

беларускі хакеіст

Андрэ́й Касьці́цын (нарадзіўся 3 лютага 1985 году, Наваполацак, БССР) — колішні беларускі хакеіст, нападнік нацыянальнай зборнай Беларусі. Найлепшы хакеіст Беларусі 2008 году. Старэйшы брат хакеіста Сяргея Касьціцына.

Андрэй Касьціцын
Рост183 см
Вага98 кг
Пазыцыяскрайні нападнік
Кідок/Ловылевы[d]
Грамадзянства
Дата нараджэньня3 лютага 1985 (39 гадоў)
Месца нараджэньняНаваполацак, БССР
Выступаў за
Нацыянальная зборнаяМужчынская зборная Беларусі па хакеі Беларусь
Драфт НХЛ10, 2003
Манрэаль Канадыенз
Гульнявая кар’ера2000—2022

Кар’ера

Клюбная

Выхаванец наваполацкай хакейнай школы. Пачынаючы з сэзону 2000—2001 гадоў, Касьціцын гуляў напачатку сваёй кар’еры за наваполацкі «Палімір», спаборнічаючы ў некалькіх лігах, уключаючы Ўсходнеэўрапейскую хакейную лігу. Улетку 2002 году Андрэй падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА, выступаў за ЦСКА-2, васкрасенскі «Хімік» і менскае «Юнацтва».

Пасьля свайго першага сэзону ў ЦСКА ён быў абраны «Манрэаль Канадыенз» у першым туры драфту НХЛ 2003 году пад нумарам дзесяць. Касьціцын зьвярнуў на сабе ўвагу падчас моцнага выступу на чэмпіянаце сьвету сярод юнакоў. Улетку 2004 году нападнік быў запрошаны ў трэніровачны лягер «Манрэаль Канадыенз», дзе падпісаў трохгадовы кантракт з клюбам[2]. На першы сэзон за акіянам Андрэй быў пераведзены ў партнэрскі клюб «Гамільтан Бульдогс», які выступае ў Амэрыканскай хакейнай лізе (АХЛ).

У сярэдзіне сэзону 2005—2006 гадоў Касьціцын быў прызваны ў склад «Канадыенз», дзе згуляў першы свой матч у Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) 1 сьнежня 2005 году[3]. Наступнае зьяўленьне ў складзе адбылося ў сьнежні, 13 сьнежня Андрэй забіў свой першы гол у НХЛ перайграўшы Кэртыса Джозэфа ў пераможным матчы 5:2 супраць «Фінікс Каётыз»[4].

У сэзоне 2007—2008 гадоў адбыўся сапраўдны прарыў у гульні хакеіста, а зьвязка Касьціцын, Кавалёў і Плеканец стала найбольш прадуктыўнай лініяй «Манрэалю». У 78 гульнях Андрэй зарабіў 53 пункты. У сярэдзіне сэзону да Андрэя далучыўся малодшы брат Сяргей, які быў прызваны з фарм-клюбу «Гамільтан Бульдогс» у асноўны склад. У лютым 2012 году «Манрэаль Канадыенз» абмяняў Андрэя Касьціцына ў «Нэшвіл Прэдатарз». Кампэнсацыяй за гульца сталі выбар у другім раўндзе драфту і ўмоўны выбар на драфце 2013 году. Пазьней да брата далучыўся Сяргей. Аднак Андрэй агулам правёў за новы клюб толькі 27 матчаў, пасьля чаго вырашыў накіравацца ў Расею ў клюб «Трактар».

Міжнародная

Андрэй стала гуляў за юнацкія і моладзевыя зборныя Беларусі. Дэбютаваў за нацыянальную зборную ў 2004 годзе ў 19 гадоў на чэмпіянаце сьвету ў 1-м дывізіёне. У пяці гульнях за зборную ён набраў шэсьць пунктаў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі