Аляксандар Міхал Сапега

Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляксандар Сапега.

Аляксандар Міхал Сапега (12 верасьня 1730, места Высокае Берасьцейскага ваяводзтва — 28 траўня 1793, Варшава) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны вялікі літоўскі (1748—1750), генэрал-маёр (1750), падскарбі дворны літоўскі (1750—1754), ваявода полацкі (1754—1775), гетман польны літоўскі (1762—1775), канцлер вялікі літоўскі (з 1775)[1].

Аляксандар Міхал Сапега
Аляксандар Міхал Сапега
Аляксандар Міхал Сапега

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 12 верасьня 1730
Высокае, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр 28 траўня 1793
Варшава, Каралеўства Польскае
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Казімер Лявон Сапега
Караліна Тэрэза з Радзівілаў
Жонка Магдалена Агнешка зь Любамірскіх
Дзеці Казімер, Ганна Тэафілія, Караліна, Мар’яна Кацярына, Эмілія, Францішак
Дзейнасьць дыплямат

Валодаў Высокім, Друяй, Зэльвай, Старым і Новым Быхавам, Дзярэчынам, Луннам і інш. Кавалер ордэнаў Белага арла (1753)[2] і Сьвятога Станіслава (1765)[3], а таксама расейскага Аляксандра Неўскага (1776)[4].

Біяграфія

Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Казімера Лявона, ваяводы берасьцейскага, і Караліны Тэрэзы з Радзівілаў. Меў брата Міхала Ксавэрыя, крайчага вялікага літоўскага і сястру Ганну. Быў пляменьнікам Юзэфа Станіслава, біскупа і Міхала Антонія, падканцлера вялікага літоўскага.

Па сьмерці бацькі знаходзіўся пад апекай дзядзькі Юзэфа Станіслава. Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Любартаве.

Магдалена зь Любамірскіх

3 1746 году неаднаразова абіраўся ў сойм. У 1748 годзе стаў абозным вялікім літоўскім. У 1750 годзе атрымаў званьне генэрал-маёра і урад падскарбія дворнага літоўскага, у 1754 годзе — урад ваяводы полацкага.

У 1762 годзе атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. У 1763—1764 гадох падтрымліваў Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», выступаў супраць кандыдатуры Станіслава Аўгуста Панятоўскага на сталец. Па абраньне апошняга перайшоў на бок Фаміліі. У 1775 годзе атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. Таемна падтрымліваў Барскую канфэдэрацыю, хоць быў ляяльным да караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Расейскай імпэрыі. У 1789 годзе быў маршалкам Вярхоўнага Трыбуналу.

Непрыхільна сустрэў Канстытуцыю 3 траўня 1791 году. У 1792 годзе на прапанову караля далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі і быў ейным маршалкам у Вялікім Княстве Літоўскім, па чым засядаў з кіраўніцтвам канфэдэрацыі ў Горадні.

Зьбіраў кнігі, рукапісы[5]. Захапляўся музыкай і малярствам.

27 сьнежня 1756 году ажаніўся з Магдаленай Агнешкай (1739—1780), дачкой мечніка вялікага кароннага князя Антонія Бэнэдыкта Любамірскага і Ганны Соф’і Ажароўскай. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Казімер (1757—1758)
  • Ганна Тэафілія (1758—1813), 1-ы муж з 1774 году князь Геранім Януш Сангушка (1743—1812), 2-гі муж з 1786 году Севярын Патоцкі (1762—1829)
  • Караліна (1759—1814), 1-ы муж з 1775 году Тэадор Патоцкі (пам. 1812), 2-гі муж падстолі вялікі каронны Станіслаў Солтык
  • Мар’яна Кацярына (нар. 1760), 1-ы муж Ян Салагуб, 2-гі муж князь Ігнаці Пузына
  • Эмілія (1762—1835), жонка падкаморага старадубскага Францішка Ельскага
  • Францішак (1772—1829), генэрал літоўскай артылерыі (1793)

Спачыў ў кляштары картузаў у Бярозе Картускай[6].

Галерэя

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Аляксандар Міхал Сапегасховішча мультымэдыйных матэрыялаў